ТАВА́РНЫ ЗАПА́С,

колькасць тавару вызначанага віду, які знаходзіцца ў сферы таварнага абарачэння, у працэсе руху ад вытворцы да спажыўца (транспартаванне. на складах) і спрыяе нармальнаму функцыянаванню гандлю. Не павінен быць залішні, таму што павялічваюцца выдаткі на захоўванне. Адрозніваюць Т.з. бягучага захоўвання (забяспечваюць штодзённыя патрэбы гандлю), сезонныя (для забеспячэння бесперабойнага гандлю ў перыяд сезоннай змены попыту і прапанавання), датэрміновага завозу (для гандлю ў цяжкадаступных па ўмовах надвор’я рэгіёнах), мэтавыя (на выпадак увядзення асобага становішча; гл. Дзяржаўныя рэзервы).

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)